… Помню, ў „піліпаўку“ гэта было,
Ой, спаганяў сьнег ахвоту!
Долы, дарогі як ёсьць занясло;
Гурбы, як горы, ля плоту.
Страшную людзі цярпелі зіму:
Дзіка мяцеліцы вылі,
З трэскам марозы гасілі ў сьцяну,
Птушак у лёце глушылі…
Ночка над вёскай. Во ў хаце аднэй
Курыцца дымна лучына.
Месьціць хацінка са жменю людзей:
Бацьку, матулю і сына.
Бацька сагнуўшысь сядзіць за сталом;
Блудны прычухлыя вочы…
Печку падпёршы схудалым плячом,
Маці паціху хліпоча.
Далей, ля сьценкі, палочак стаіць.
Думкі бацькоў там аж млелі:
Сын іх, Сымонка, тры дні ўжо ляжыць,
Тры дні на божай пасьцелі…
З самых дзён малку Сымона свайго
Так гадавалі, пясьцілі!
Меці на старасьць падпору з яго
Думкі супольна раілі.
Малец — як лялька, крапячы, як дуб,
Прызыў падходзіў налета, —
Высах, як шчэпка, стаў ціхі, як слуп, —
Песьня няпетая сьпета!
Тры дні назад яшчэ з бацькам яны
Шуркі у лесе стаўлялі;
Гулка гудзелі там іх тапары,
Елкі, асіны стагналі.
|