III
„Доўга шукаў цябе, скрыпка“,
Гэткая песьня плыве,
„Быў без вадзіцы я, рыбка,
Ягадка ў буйнай траве.
Рвалася сэрца і думы
Гэт, да нязгадных сьвятліц,
Клікалі хвойныя шумы,
Клікалі шэпты крыніц!
Клікалі… Поўнілісь грудзі,
Смуткам надзей і трывог…
Шоў між людзямі ў вадлюдзьдзі,
Што мог, і то ўжо ня мог!
Вёску мінаў я за вёскай,
Плёўся праз выдмы, кусты;
Трэ‘ было, трэс было свойскай,
Музыкі свойскай, як ты.
IV
Слаўся, сьвятая здабыча!
Пан я сягоньня ўсіх ніў!
Песень маіх не паліча
Той аж, хто зоры зьлічыў!
Птушкаю з выраю буду,
Пеці зязюлькай пачну
Радаўніц жалямі люду
Ў вочы цікава зірну!
Громаў, маланак ахвотна
Буду і цар і пастух,
Лягу расіцай вільготнай,
Выш‘ю вясёлкавы круг!
Дзівамі кветкі купальскай
Кожную зваблю душу;
Буду няласкай і ласкай,
Богаў фальшывых скрышу!
V
Прыдзе „узьвіжаньне“ — стану
Ў лесе парадак вясьці:
У думкі жывіне ўсёй гляну,
Буду ўсёй пушчай трасьці.