Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/295

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЗАБЫТАЯ СКРЫПКА

I

Доўга пад трамай ляжала
Сьцішна ў вясковым жыцьці,
Доўга ляжала, чакала
Скрыпка адна ў забыцьці.
Колькі йшло лет за лятамі,
Колькі йшло, сходзіла сіл! —
Скрыпка драмала. Пластамі
Клаўся і рос на ёй пыл.
Потам залітыя вочы
Гэткі ня мог сьлязіць глум,
Пальцу мазольнаму ўночы
Страшна крануць было струн.
Доўга чакае і сьмягне,
Покі хто з сэрцам такі
Скрыпчыны струны нацягне,
Гэткай чакае рукі!..

II

Шоў вёскай тэй падарожны,
Чэзла дзе струньніца так,
Шоў і ў хаціну трывожна
Сьмеліцца стукнуць бядак.
Зважна дамок адчыніўся,
Просіць гасьціць гаспадар…
Скрыпка пад трамай… зьдзівіўся…
(Быў падарожны-пясьняр).
Цягне скрыпулю з-пад трамы,
Пыл абмятае палой, —
Струны заенчылі самі,
Жаляцца самі сабой.
Льлюцца пясьнярскія словы,
З дошкай ліповай пяюць:
Зьвесіўшы людзі галовы,
Слухаюць, думкі снуюць.