Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/297

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ночкай асеньняй засяду
За стол спраўляці „дзяды“:
З тым сьветам буду мець раду,
Ўспомню магілкі тады.
Вымкну зноў птушкай на вырай;
Сьвет не захоча ўжо спаць:
Будзе праводзіць ён шчыра,
Будзе ён шчыра чакаць.
Грай-жа ты, скрыпка жывая,
Кожнай расходзься струной!
Хто мае сэрца? хто мае?!
„Гэй-жа за мною, са мной!

VI

Я пакажу ўсе вам чары —
Чары ўсе неба, зямлі, —
Шчасьця другога пажары,
Дзе-б вы сагрэцца маглі.
Праўду ў лад новы настрою,
Новыя песьні злажу…
Гэй-жа за мною, са мною!
К сонейку шлях пакажу!..“
Так прызывае-галосе
Скрыпка ў руках песьняра.
Рэха пад неба няслося.
Днела ўжо; гасла зара.
Музыку чуюць суседзі —
Камень-бы зрушыць магла!
Сьпеў пясьняр. Глянуў, угледзіў:
Хата пустая была…

|}