А першы гэткі сьветлы быў,
Як небам сланыя прамені:
Ў руцэ меў сьветач, што на зьдзіў
Усе усюды зводзіў цені.
А быў другі і з ног і з рук,
Як гром з жывымі пярунамі:
Ў руцэ меў стрэл жалезных пук,
І лук стальны меў за плячамі.
А трэці быў і раб і цар,
І слаб і дуж ва ўсякім дзеле,
Як вечнасьць молад быў і стар;
Меў гусьлі — на грудзёх віселі.
VI
першы князю гэткі сказ
І княжне скажа міласьцівай:
„Я абышоў іх тройчы раз
І відзеў, што яшчэ ўсе жывы.
А толькі ўсё той самы лад:
З вачэй ня зьняты йшчэ павязкі,
Ці йдуць уперад ці назад,
Відны сьляды цямрычнай ласкі.
А як ішоў між іх з сьвятлом,
Яны пачулі, ах, пачулі:
Сьляпым замораныя сном
Худыя рукі ў высь цягнулі.
За мною ўсьцяж, і тут і там,
Іх вусны бледныя шапталі:
Аддайце сонца наша нам!
Нашто схавалі-расхапалі?“
VII
Другі за першым князю сказ
І княжне скажа міласьцівай:
„Я абышоў іх тройчы раз
І відзеў, што яны ўсе жывы.
А топчуць толькі ўсё той сьлед,
Валочаць ёрмы за сабою;
Ці ўбачаць корч, ці ўбачаць сьвет,
Аднэю жаляцца сьлязою.