Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/290

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

III

На беласьнежны на пасад
Усходзіць князь, усходзіць княжна;
За імі слуг пачэсны рад
Стаіць задумліва, суважна.
Агні брыльлянтаў, як зарніц,
Зіяюць з княжацкай кароны, —
Краса б‘е з князеўных зраніц,
Як бліск маланак развуглёны.
Зьвярнулі вочы ўсе ў іх бок,
Прымоўклі гоманы дружыны;
Ўсіх званых зблізку і здалёк
Саколім вокам князь акінуў.
Бярэ коўш соладка віна,
П‘е за дружыну маладую,
І княжна з князем п‘е да дна;
Князь гутарку павёў такую.

IV

„Адзін, адзін раз толькі ў год
Зьбірацца можна з ласкі року,
Каб год іржавы карагод
Зганяць з мінуўшчыны далёкай.
Нас не кранулі косы зьмен:
Царым мы ў дум жывых гэйнале,
Хоць на падмурах гэтых сьцен
Другія наш пасад занялі.
Багі другія верх бяруць,
Суды вядуць над нашым краем,
Сьвяцільні-ж нашы не замруць,
Што ў сэрцах вольных расьсьвятляем.
Прашу паклікаці ганцоў
І месца даці ім па чэсьці:
Ад нашых стоптаных капцоў,
Якія нам прыносяць весьці?..“

V

Закончыў князь, махнуў рукой;
Уходзяць тры ганцы ў сьвятліцу,
Ідуць суважнаю ступой
І князю й княжне пакланіцца. —