Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/289

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НА КУЦЬЦЮ

I

На небе зоры ўжо мігцяць,
На полі срэбны сьнег іскрыцца;
На бел-сьвет дзівы выпраўляць
Пляцецца ночка-чараўніца.
Глуш абнялася з цішынёй
І спавівае ўсё у чары,
Паўзуць і сеюць шорах свой
Старым парадкам цені-мары.
Вылазіць з цемры бледны звод,
Глядзіць сьліўнём на долы, горы,
І тут і там пускае ў ход
Свае нямыя загаворы.
І тут і тамка свой прыгон
Распасьцірае царства ночы;
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.

II

Заныла ўсё, замёрла ўсё, —
Ня сьпіць адвечнае замчышча:
Там пачынаецца жыцьцё
Ў агнёх старога папялішча.
Іскрыстым, бліскатным сьвятлом
Заліты княскія сьвятліцы,
Дружына польная кругом
Сталоў дубовых варушыцца.
Золататканы абрусы
З сталоў зьвісаюць дыванамі,
На абрусох чысьцей расы
Віно красуецца каўшамі.
Духі мінуўшчыны куцьцю
На старасьвецкі лад спраўляюць.
Даўно бываламу жыцьцю
Дары належныя складаюць.