Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/282

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Абы поўнач, як маланка,
Не змахнула цьвет закляты, —
Прахам пойдзе ўся гулянка,
Зноў год жджы на гэта сьвята!

Што?! Стаіць, глядзіць, о божа!
Кветка-папараць абходзе,
Зацьвіла, як мак, прыгожа,
Як-бы сонца на усходзе.

Схамянуўся, прэ кустамі,
Як шалёны, прэцца к кветцы;
Лес кусаецца сукамі,
А ён туж дапрэ, здаецца.

Раптам певень загалосе
Недзе ў вёсцы, ў роднай вёсцы. —
Ўсё — як сон… не засталося…
Лісьць трасецца на бярозцы.

Ні то з пуду, ні то з жалю,
Вочы трэ, глядзіць нясьмела —
Пуста, дзіка, бліжай, далей,
Толькі штосьці зашумела.

Зашумела, замуціла,
Дзікі рогат паплыў рэхам,
Думка сьніла, не дасьніла,
Паляцела з пушчай сьмехам.

Паваліўся, як сноп жыта, —
Як сноп жыта пры сасонцы.
Крык адно, як звон разьбіты:
„Дайце кветку! Дайце сонца!“

|}