„Вырві сэрца, высуш сэрца,
Запалі агнём, як сьвечку!
Не глядзі, што кроў сатрэцца,
Не паглядывай на печку!
Як ноч прыйдзе, гэта ночка,
Выйдзі з сэрцам, як з паходняй,
Ад кусточка да кусточка
Асьвяці мой хорам годне!
Так сьвяці, ня бойся мукі,
З верай вернай і надзеяй, —
Кветка прыйдзе сама ў рукі,
Толькі сэрца спапялее.
Чуеш гэта, зробіш гэтак?
Будзеш панам, слаўным князем;
А ня зробіш — сотні летак
Выць так будзеш паміж вязьзем.
Прыйдзеш, пойдзеш у нягодзе,
Віцца будзеш, як вужака,
Дзень ці ноч, ня скажаш: годзе!
Чахнуць будзеш, небарака!
Бачыш, чуеш: царства наша
Вечна, сільна, неўгамонна;
Духа пушчы не застраша
Ні сякера, ні карона.
Ня ўздымайся сухавейне,
Ня вышуківай закляцьця!
Скора поўнач, скора пеўні
У тваёй зайграюць хаце“.
Дух гамоніць, лес трасецца,
Стогнуць хвойкі і асіны,
Шум пакоцісты нясецца,
Як хто гіне або згінуў.
Чалавек маўчыць, марудзе,
Ўзад, уперад пройдзе, гляне.
Вось мінута, а штось будзе,
Можа, можа, і дастане…