Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/280

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А нашто-ж мне на вясельлі
Пелі, гралі, чаркі білі,
Самі сьціхлі, занямелі,
Мне ўчарашні дзень згубілі?

А нашто-ж мне на каляды
Галасілі пахаўтурну?
Самі вылеглі загладай,
Я ў жальбе снуюся бурнай.

А нашто ўсё гаварыла:
Жджы на кветку, на купальле!
З году ў год чакаю мілай,
І шукаю бліжай, далей.

Можа тамка? можа гэтта?
Пнуся, рвуся ўзад і ўперад —
І налета, ўсё налета…
Вязьнем я і кветка ў нерат.

Не трашчэце, не шасьцеце,
Сухалесы, пустацьветы!
Дайце кветку, дайце жыці,
Не чаруйце у сусьветы!

Мох, чарнобель, расхіліся!
Кветка, кветка, выглянь сьмела!
Чорнай кроўю ўвесь абліўся,
Сухажыльле зводзіць цела…

Стой! Здаецца, вунь зірнула,
Як-бы зорка, як-бы сонца…
Ах, ня тое! Адвярнула!..
— Гэта шышка на сасонцы“.

І пабег, пабег па лесе,
Закруціўся дымам-пылам,
Стаў, глядзіць, на грудзі зьвесіў
Галаву над пнём пахілым.

А дух пушчы з пушчай разам
Успамінкі ўспамінае,
І так далей кажа сказам, —
Ночка слухае нямая.