Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/279

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Бачыш, ночанька, як сажа,
Жджы лепш раніцы, ня кветкі!“
Так дух пушчы з пушчай кажа
Чалавеку напасьледкі.

А ён блудзіць, ходам ходзе
Тамка, тутка, далей, бліжай,
То скрадаецца, як злодзей,
То бярэцца плазам-крыжам,

То абыйме дрэва-елку,
То рукамі водзіць пуста,
То пагоніць з хвойкі белку,
То спужае птушку з куста.

Пад нагамі мох шапоча,
Лісьце ласіцца па твары,
Ён шукае і мармоча,
Як ня чуе чараў-мараў.

„Прэч, загіньце, ведзьмы, злыдні!
Вунь вам верас, вунь вам лычка;
Ці няўжо вам не абрыдне
Шаматаці мной, як тычкай.

Шоў я полем, сенажацяй,
Шоў гарою і далінай,
А тут кветкі не спагнаці,
Хоць хавайся ў дамавіну!

А нашто-ж мне над калыскай
Аб ёй ночка напявала?
Напявала, што ўжо блізка,
А пасьля сама схавала.

А нашто-ж мне на папары
Насьвістоўвала жалейка,
Жальма жаліла на сквары?
Аж і сьціхла, дабрадзейка!

А нашто-ж мне звонам косы
Вызванялі на прасьцягу?
Самі выгубілі росы,
Мне пакінулі боль-смагу,