Стой! Здаецца, вунь зірнула,
Як-бы зорка, як-бы сонца!
Ах, ня тое! Адвярнула!..
Гэта шышка на сасонцы“.
Ну шукаці, як шукаці!
Цемра з нетрай скача скокі,
Звод рагоча ў цёмнай гаці,
Смоўж зіркае аднавокі.
Так шукае, лазіць лазам,
Просіць, моліць, заклінае,
А дух пушчы з пушчай разам
Успамінкі ўспамінае:
„Кінь шукаць, спраўляць скавыты,
Не чапай маіх харомаў!
Я дух пушчы, дух сярдзіты,
Ня спушчу нідзе нікому!
Кветкі пільна я пільную,
На замкоў замкнёна сорак,
А дарожку даў такую:
Людзкіх костачак узгорак.
Не пачуеш нашай рады,
Будзе тое і з табою!
За цьвяточак для прынады
Ты заплаціш галавою!
Як на сьвет сьвет нарадзіўся,
Як душа засела ў целе,
Ўсе ляцелі к гэтай місе,
І ніводныя ня елі.
Пушча знае, што бароне,
Што ёй дадзена на сховы,
Крыжам ляжа на загоне,
А ня дасьць надзець аковы.
Адчапіся, адхрысьціся!
Доляй-казкай счараваны,
Ты яшчэ не дарасьціўся
Цьвет пасьцігнуці жаданы,