Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/273

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Усюды сьвеціцца вада,
Вада зьліваецца з галінаў;
Нічым нідзе дастаць агню,
А тут яшчэ і рык зьвярыны…
І голад так-жа не маўчыць:
Пара даўно чаго паесьці…
Нічога. Рады ўжо няма.
Прышлося ў лесе ноч правесьці.
Пад дрэва буйнае ідзе,
Шукае ў ім сабе апоры;
У знак пакоры — галаву
Схіліў і так яму гавора:
„О дрэва, будзь прыстаньнем мне:
Ў сваёй з багамі мей апецы“.
Сказаў і лег на камень там,
Пры ім галубка тут-жа ў клетцы.

IV

А гэта дзерава было
Сялібай, хатай галубковай:
Сядзіць прамоклы на ім ён
І так бядуе слова ў слова:
„Куды загінула мая
Галубка, вечная падружка?
Такая страшная пара!
Як выйдзе жывенькаю птушка?
Мо‘ вецер зьбіў яе куды,
Ці дождж пасек няшчаснай крыльлі,
Ці вораг бедную злавіў,
Ці пяруны на сьмерць спалілі?
Што мне з жыцьця, калі яго
Ня будзе ўжо з кім каратаці?
Жыцьцё і сьвет тады — ня сьвет,
І сам ня свой у сваёй хаце.
Палац з брыльлянтаў; сотні слуг
Хай за цябе паложаць грудзі
Бяз ласкі — з слугамі палац
Астрогам, пусткай вечнай будзе.