Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПРАД СЬВІТАНЬНЕМ

Ціха… Бачце: штось варушыцца,
Штось паўстаці хоча;
Перажытасьць гнецца, крушыцца,
Новы сьвіт шапоча.

Сонца з цемрамі змагаецца;
Мох зьлятае з хат і пунь;
Даль за даляй ажыўляецца;
Ўсходзе ядраная рунь.

Дрыгацяць напасьці-пошасьці,
Аціхаюць совы,
Разьнімаюцца з паношасьцяй
Крыльлі гругановы.

На курганішчы спускаюцца
Туманы жывой расой,
І па пустках расплываюцца
Бесканечнай паласой.

Доляй-мачыхай прыдаўленых
Зоры аклікаюць,
Ля магілішч акрываўленых
Валахі чакаюць.