Вольны вецер напеў вольных песень табе,
Бор зялёны узьняў дружным гоманам,
Сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе,
Зоры веру ўлілі сілам зломаным.
І час бур, нягод і вялікіх надзей
Зацьвіла, расьцьвіла доўгажданая,
І крыніцай жывой над айчызнай сваей
Паплыла, пацякла няспыняная.
Паплыла, пацякла з сьветлай казкай жыцьця
Полем, лесам, гарой і далінаю…
З свойскіх кветак-пралесак — карона твая,
Ўся сама — ясната лебядзіная.
Зіхаціш і гусьлярскаю песьняй зьвініш,
Узьнімаеш мінуўшчыну даўную;
Час сягонешні ўперад ісьці ня пыніш,
І глядзіш сьмела ў будучнасьць тайную.
Сьмела ў сонцы ідзеш, як жывы агняцьвет,
Сееш ласкава сны залацістыя;
Ня пужае сумежны дакучны сусед,
Ня пужае пуціна цярністая.
Ад мяжы да мяжы, ад капца да капца
Абнаўленьня павевы расходзяцца,
Абнімае душу без граніц, без канца
Маці-радасьць, што лепшы дзень родзіцца.
Ўжо ня так тапары у зялёным бары
Хвойкі валяць зімой маразянаю,
Ўжо ня так касары ад зары да зары
Летам звоняць касой адкляпанаю.
Значан гарт у руках, чутна песьня бяз сьлёз,
Грудзі славы надзеяй калышуцца,
Ў кнігі новы закон ёмка пёрамі з кос
Наўсяды людзьмі новымі пішацца.
|