Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/263

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

СТРАХ

„У страха вочы вялікі“.
„Да пары жбан ваду носіць“.
(Прыказка).

Ці з ласкі, ці з няласкі боскай,
Ня нашым гэта судзіць зданьнем —
Стаяла вёска бліз Лагойску
З сваёй нудой і нараканьнем.
А ў ёй жыў Юрка Данілёнак,
Як нарадзіўся — ад пялёнак.

Быў Юрка чалавек ня дрэнны,
Адно быў трохі пустамеля:
Аж так і трэскаюцца сьцены,
Як расхлюсьціцца мала-веле;
Ня раз ён з толку сам саб‘ецца,
Ці праўду рэжа, ці сьмяецца.

А як крыху ён быў падпіўшы,
Свае тады не пазнавалі:
І ў поўнач з папраці расьцьвіўшай
Зрвывае кветку на купальле,
На „узьвіжаньне“ з зьвярамі
Гуляе ноч, як з сваякамі.

Няма яму ніякіх страхаў:
Шаптун, вядзьмак прад ім хавайся!
Самога чорта нёс пад пахай,
З самою ведзьмай цалаваўся!
Такі ўжо Юрка Данілёнак,
Як нарадзіўся — ад пялёнак.

Але на нашым зьменным сьвеце
Няма, бач, сталага нічога,
І салаўём падчас запеці
Ваўка прымусяць бяспутнога, —
Так наш і Юрка, як ніколі,
Зьмяніўся з часам паняволі.