Было, як помню, гэта самай
Перад вадохрышчам куцьцёю.
Вячэру зьеўшы, да Адама
Зышліся ўсе мы грамадою —
От, пры лучыне ў цёплай хатцы
Паваражыць, пазабаўляцца.
Былі старыя і малыя,
Падросткі, хлопцы і дзяўчаты;
Крычаць адны, сьмяюцца тыя,
Аж так і рвецца гоман з хаты!
І Юрка тут, і пасваёму
Прагаварыць ня дасьць нікому.
Я слухаў, слухаў, ды цярпеньня
Ня стала слухаць перахвалкаў!
Слоў колькі, вышаўшы у сені,
Шапнуў Лявону і Міхалку;
Пагаварыўшы, зноў прыходзім
І гутарку няўзнак заводзім:
— Хто (тут я к Юрку вокам кінуў)
Адважны з вас такой парою
Ў манеж схадзіць, набраць мякіны
І к нам сюды вярнуцца з ёю, —
Хаця і поўнач ужо пэўне,
І першыя ня пелі пеўні? —
Тут хлопцы жыва падхапілі:
Вось Юрка нам дакажа славы!
Ці-ж ён-бы страха не асіліў?
О, ён для дружбы, для забавы
І ў пекла, калі трэба, сходзе, —
Адважным гэта сьмех і годзе!..
Наш Юрка, хоцькі ці ня хоцькі,
Ня рад з свайго ўжо выхваляньня;
Папхнуўся ў ток той сярод ночкі,
А з ім наш сьмех і наруганьне,
Аж вось, праз нейкіх мінут дваццаць,
Мы чуем: „Гвалт! ратуйце, братцы!“