Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/260

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

АСЁЛ І НАВУКА

Байка

Аслова невуцтва ня раз
Служыла дурням за паказ; —
Дык вось нарэшце узялі
Асла ў навуку аддалі.
І сталі ўчыць яго чытаць, —
Вучылі нават і пісаць.
Асёл так шчыра ўчыцца ўмеў,
Што кніжкі ўсе, як сена, зьеў
І столькі ў гэтым скарыстаў,
Што горш убоістым ён стаў!..


Людзям ёсьць тут такі прымер
(Ёсьць людзі на быдля манер):
Хоць колькі ня вучы асла,
Аслом ён будзе да канца!..