Каб я князем быў ўладарным
Гэтых ніў і хат, —
Быў-бы князем гаспадарным,
Вёў-бы добры лад;
На пасадным месцы-б селі
Права і закон,
Праўду вечную ўсе-б мелі —
Вечавы свой звон.
Не цягнуў-бы я з падданых
Крыўдай соль і хлеб, —
Кожны сам сабе ад рана
Малаціў-бы цэп.
Каб я сонцам залацістым
Плаваў над зямлёй,
Быў-бы сонейкам вячыстым
Летам і зімой.
Не лажыўся-б на разлогі
Непраглядны цень,
Асьвятляў-бы ўсе дарогі
Ў ночы і у дзень.
Гадаваў-бы ў вечным цьвеце
Поле і лугі,
Распаліў-бы ўсе на сьвеце
Путы-ланцугі.
Каб я рэчкай быў міжгорнай
На зямлі маёй,
Быў-бы рэчкай жыватворнай
Для старонкі ўсёй.
Ажыўляючай крыніцай
Быў-бы на яву,
Чыстай, шклістаю вадзіцай
Змыў-бы сон-траву.
|