II
Я ня пушчаю сьпяваю
Песьні-казкі аб Дунаю,
Хоць-та сэрца з пушчай рвецца, —
А пад грушаю пахілай,
Што над бацькаўскай магілай,
Граю толькі на жалейцы.
Я ня звон, што час нам ліча
І на веча паўду кліча,
Хоць-та сэрца звонам б‘ецца, —
А па шчасьці пахаваным,
Над ракою, пад туманам
Граю толькі на жалейцы.
Я ня вецер вольны, спраўны,
Што пяе свабодай слаўнай,
Хоць-та сэрца к славе рвецца, —
А ў цянётах павучыных,
На расстайных пуцявінах
Граю толькі на жалейцы.
Не на гусьлях звонкіх баю
Аб забраным недзе краю,
Хоць-та сэрца к гусьлям рвецца, —
А на спасьвеным узгорку,
Углядаючыся ў зорку,
Граю толькі на жалейцы.
Я ня гром, што сьветы крыша
І людзям законы піша,
Хоць-та сэрца громам б‘ецца, —
А паціху, чуць чуваці,
У чужой забыты хаце,
Граю толькі на жалейцы.
Граю, граю і чакаю
Ўсходу сонца з-за Дунаю,
Калі мора ўскалыхнецца,
Калі песьню, гымн вясёлы,
Нашым нівам, нашым сёлам
Я зайграю на жалейцы.
|}