Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/219

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе, —
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі.

Ночка цёмная на сьвеце
Вечна не начуе;
Зерне, кінутае ў ніву,
Ўсходзіць ды красуе;

Наша зерне — нашы думкі —
Не загінуць сьвету, —
Бліснуць краскай непаблеклай
Вечных агняцьветаў.

З добрых думак, што мы кінем
На сваім дзірване,
Будзе ўнукам нашым жніва —
Доля, панаваньне.

Беларускаю рукою
Сьветлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Бацькаўшчыне мілай.

Зацьвіце яна, як сонца
Посьле непагоды,
Ў роўнай волі, ў роўным стане
Між усіх народаў.

Не загіне край забраны,
Покі жывы людзі, —
Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе!