І мы вамі нават мо‘ не спазнавалі,
Як у думках нашых цябе гадавалі,
Як цябе хавалі ў шчасьці і няшчасьці
Ад напраснай злосьці, ад людзкой напасьці.
Ты ў жыцьці вяло нас з хвалай і няхвалай;
Быў час — свае правы чужым дыхтавала;
І цяпер хто зводна над табой сьмяецца, —
Гэта або вецер, што ў платох трасецца.
Або той сьмяецца, хто ня знаў ніколі
Чалавечых думак, чалавечай долі, —
Хто ў грудзёх гадуе злосна, няпрытворна
Замест сэрца — камень, мест душы — дым чорны.
Як жыло ты з намі — будзеш вечна жыці,
Грамадой мільёнаў з сьветам гаманіці…
З попелу мінуўшых дзён сьляпых, крывавых
Весела узойдзе рунь сьвятлянай славы,
І радзімым словам рукой мазалістай
Беларус упіша на старонцы чыстай
Кнігі ўсіх народаў важна, ў няпрымусе
Сумную аповесьць роднай Беларусі.
|}