Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/220

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВОРАГАМ БЕЛАРУШЧЫНЫ

Чаго вам хочацца, панове?
Які вас выклікаў прымус
Забіць трывогу аб тэй мове,
Якой азваўся беларус?

Чаму вам дзіка яго мова?
Паверце, вашай ён ня ўкраў,
Сваё ён толькі ўспомніў слова,
З якім радзіўся, падрастаў.

Цяпер і вы загаварылі,
З апекай вышлі, як з зямлі;
А што-ж дагэтуль вы рабілі?
А дзе-ж дагэтуль вы былі?

Ваш брат і цёмны, і галодны;
Хацінка свой зжывае век;
І век ня знаў ён дум свабодных,
І крыўдзіў свой брат — чалавек.

Вам страшна нашай сьлёзнай песьні
І жальбы страшна вам глухой?
Вам жудка сонца на прадвесьні?
Мілей вам холад з цемнатой?

А што-ж вам беларус такога
Пасьмеў зрабіць, пасьмеў сказаць?
Эх, трэба ўчыць яшчэ вас многа,
Як свайго брата шанаваць!

Эх, кіньце крыўдамі карміцца, —
Кожын народ сам сабе пан;
І беларус можа зьмясьціцца
Ў сям‘і нялічанай славян!

Напасьцю, лаянкай напраснай
Грудзей ня варта мазаліць!
Не пагасіць вам праўды яснай:
Жыў беларус — і будзе жыць!