Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/217

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РОДНАЕ СЛОВА

Пад навалай крыўдаў многія сталецьці
Мы нясьлі пакорна лямку беспрасьвецьця.
Мы нясьлі, — ўсё ныла, гінула памалу,
Аж ня нашай наша бацькаўшчына стала.

Не для нас сасонкі нашы зашумелі.
Не для нас пасевы нашы зарунелі;
Адно ты нам, слова, засталося верным,
Каб вясьці з упадку к радасьцям нязьмерным.

*

Каб вясьці нас, як мы век свайго сумленьня
Не заклеймавалі помстай, зьніштажэньнем, —
Мы калі ўміралі, то ішлі на муку
Для чужой карысьці, пад чужой прынукай.

Сеючы-ж і дома і за домам косьці —
Дзе нас гналі нашы леташнія госьці, —
Як у пушчы цёмнай, зьбіліся з дарогі
І здарма чакалі ад людзей падмогі…

*

Ўсё спаганяць людзі, покі ноч шалее.
Вырвуць веру ў шчасьце, веру і надзею,
Ды таго ня вырвуць, што напела маці
Ночкай над калыскай роднаму дзіцяці.

Ой, ня вырваць з сэрца цябе, наша слова!
Ой, ня ўзяць ніякім сховам ды аковам,
Як бяруць матулю у малой дзяціны,
Як бяруць у бацькі апошняга сына!

*

Ты зжылася з намі, бацькаўскае слоўца,
Як-бы корань з дрэвам, як-бы з небам сонца;
Дзеліш з намі вечна ўсё, што з намі ходзе
У благой і добрай мачысе-прыгодзе.