Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/210

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мчацца думкі, зьвіняць песьні
Вольна, неразьвейна
Аб тэй долі ці нядолі,
Долі безьзямельнай.

6

Ой скажы ты, безьзямельнік,
Вашэці,
Скуль ты ўзяўся, бедачына,
На сьвеце?

Ці скрасілі цябе лёды,
Марозы?
Ці вылілі цябе воды
Са сьлёзаў?

Дзе ўзрастаў ты, безьзямельны,
Хаваўся?
Пад якой страхой, мазольнік,
Бадзяўся?

Ці пад плотам-частаколам
Багатых,
Ці на прызьбе родных сёлаў,
Пад хатай?

Хто атуліваў малога
Ў пялёнкі?
Хто пеў песьні пры калысцы
Ў пацёмкі?

Ці-то вецер, што бяз толку
Галосіць,
І з бядачых хат саломку
Разносіць?

Чым ты хрышчан, які меў ты
Адзетак?
Чым кармілі цябе людзі
Шмат летак?