Гэта старонка не была вычытаная
Ходзяць хмары чарадою
Над зямлёй,
Плачуць, плачуць нада мною
Сіратой…
3
Што за шчасьце, што за доля,
Мой божа!
Ані хаткі, ані поля,
Ні збожжа!..
Па чужых кутох бадзяцца
Век трэба,
І гавець, і адгаўляцца
Бяз хлеба.
Гінуць сілы над чужою
Работай,
Заліваешся сьлязою
З ахвотай.
Ці тут п‘яўкі, ці тут людзі
— Хто зьведаў? —
Адно ўнуку сохнуць грудзі,
Як дзеду.
Жывеш, мучышся бяз толку,
Бяз волі,
Хоць жывы лезь у дамоўку
З нядолі.
Пайду к пушчы загукаю
Да зоркаў,
Як мне ў бедным родным краю
Жыць горка…
Што за шчасьце, што за доля,
Мой божа!
Ані хаткі, ані поля,
Ні збожжа…