Гэта старонка не была вычытаная
Сьвецяць зоры дабрадзейна,
Зіхацяць, —
Маёй толькі безьзямельнай
Ня відаць.
Я з рукамі позна, рана
К сім і тым:
І к сваёму, і да пана, —
Служу ўсім;
І ару, і бараную,
Засяю,
На ўрадлівасьць-жа гляджу я
Не сваю!
Пастыр стадка ў поле гоніць
І пяе;
Дзе-ж кароўкі, валы, коні,
Дзе мае?
Ці на небе — хмары тыя,
Ці ў вадзе?
І сюды я, і туды я —
Ой, нідзе!
За кусок той хлеба чорны
Ты аддай
Сілу, думкі, — будзь пакорны
І чакай!..
Нямой рыбай аб лёд біся
Век-вяком,
І ў магілку паваліся
Бедаком.
Вецер енчыць, сьвішча ў полі,
Вольна дзьме,
Кляне, моліцца ў нядолі
За мяне.