Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/190

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗАЖЫНКІ

Натачы, кавалёк,
Вострым-востра сярпок,
Адпусьці, назубі, загартуй;
І ляшчынкі кусок
Адпілуй, кавалёк,
Нову ручку вазьмі дарыхтуй.

Насьпяліўся шнурок,
Б‘е паклон каласок,
Спаважнеў, пасівеў, шалясьціць.
Пойдзе ходам сярпок,
Туды-сюды, скок-скок!
За сяло пабяжыць, пабяжыць,

Страшыў ніўку грамок,
Сухата і дажджок;
Птушка колас ляцела кляваць;
Шлі заломы, урок —
Не збаяўся хлябок! —
Памажы, божа, толькі зажаць!

Ляжа сноп у снапок,
Стане мэтлік, крыжок,
Не акіне і песьня шнурка!..
Будзе рад бедачок,
Звозіць скарб у тачок, —
Вось яна з мазалямі рука!