Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/191

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЖНЕЯМ

Красаваў, наліваўся
І дасьпеў шнур мужычы;
Час вам, жнейкі, на бітву!
Постаць кліча, ой кліча.

Сонца ўзыйдзе і зайдзе,
Ня кідае зямелькі,
Правядзе і спаткае
Ў поле, з поля вас, жнейкі.

Вышлі з хатак за вёску,
Гнуцца бедныя ў полі,
Толькі песьню чуваці
Іхняй долі-нядолі.

Жнеце, жнеце, галубкі,
Сваю радасьць і сьлёзы!
Трэба многа нажаці, —
Прыдзе зімка, марозы:

К тэй прытуліцца братка,
К тэй — маленькі сынулька,
А ўсё хлеба, ой хлеба
Дай, сястрыца, матулька!

Ходзяць хмары па небе
З нейкай дзіўнай трывогай;
Чутна жнейкіна песьня,
Нуды ў песьні тэй многа.

Хто зьлічыў тыя каплі,
Што нам неба прыносіць?
Хто прыслухаўся, людзі,
Аб чым жнейка галосіць?!.