Што я мужык, усе тут знаюць,
І, як ёсьць гэты сьвет вялік,
З мяне сьмяюцца, пагарджаюць, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Чытаць, пісаць я ня умею,
Ня ходзіць гладка мой язык,
Бо толькі вечна ару, сею, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Бо з працы хлеб свой здабываю,
Бо зношу лаянку і крык,
І сьвята рэдка калі знаю, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Галеюць дзеці век бяз хлеба,
Падзёрты жончын чаравік,
Ня маю грошы на патрэбу, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Заліты потам горкім вочы;
Ці я малы, ці я старык, —
Працую, як той вол рабочы, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Як хвор ды бедзен — сам бяруся
Лячыць сябе: я чараўнік!
Бо я бяз доктара лячуся, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Што голы я, павінен згінуць,
Як той ў лесе чашчавік,
І, як сабака, сьвет пакінуць, —
Бо я мужык, дурны мужык.
|