Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/172

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мучышся, вёска, няпраўдай старой…
Рукі працягнеш з надзеяй:
Неба заплача халоднай слатой,
Вецер уздохі разьвее.

Вецер і моц, знаць, табе прынясе
З песьняй магучай, як воля,
Што перастоіш палацы ты ўсе,
Станеш да бою з нядоляй.

3

Там, за лесам-борам,
На апецы боскай,
Як нядолі сьведка,
Села наша вёска.

Ёй няма спачынку,
Ёй няма пацехі,
Крышыць, ломіць вецер
І платы, і стрэхі.

А хоць і няўдала
Выглядаюць хаты,
Ходзяць к ёй у госьці
Бедны і багаты.

І ўсё-б чыста з вёскі,
Што маглі, забралі,
А што-ж далі вёсцы?
Гэй! скажы, што далі?

Далі тую долю,
Што ўсе праклінаюць,
Далі тую волю,
Што ў няволі маюць…

|}