Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/171

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВЁСКА

1

Горы ды каменьне,
Вузкія палоскі:
Гэта наша, поле
Поле нашай вёскі.

Курныя аконцы —
Каб сьвятла хоць трошкі:
Гэта нашы хаты,
Хаты нашай вёскі.

Лапці ды сярмягі —
Як абраз ня боскі:
Гэта нашы людзі,
Людзі нашай вёскі.

Карчмы ды астрогі,
Крыжыкі, бярозкі;
Гэта наша доля,
Доля нашай вёскі.

2

Вёска, о ціхая вёска мая,
Колькі ты зносіш няшчасьцяў,
Колькі бед зносіць сямейка твая,
Колькі дарэмных напасьцяй!

Цёмныя ночы абселі цябе,
Скрылі дарожкі-пуціны.
Марная ўрода па ўсякай сяўбе,
Крывы, убогі хаціны.

Летам труд цяжкі, хваробы ў зіму;
Родзіць магіла магілу;
З сьвечкай прайдзі, страсяні старану:
Смокча бясхлебіца сілу.