Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЯК У ПОВЕСЬЦІ

Шлях. Каля шляху леc хілкі.
Вёска, дзе лес, і магілкі;
Ў вёсцы — з сьвятліцай хаціна,
Ў хаце — з бабуляй дзяўчына.

Там-жа паблізку стаяла
Гэткая-ж хатка бязмала, —
Хлопец у хаце жыў з дзедам,
Быў тэй дзяўчыны суседам.

Звалі дзяўчыну Маланкай,
Хлопца, чуў, клікалі Янкай;
Зналіся змалку абое,
Зналі і сёе, і тое.

Кожны год, цёплай вясною,
Ў поле шоў Янка з сахою;
Кужаль Маланка снавала,
Цэўкі сукала і ткала.

Ўлетку кляпаў хлопец коску, —
Шоў луг касіць за вёску;
Сена дзяўчына сушыла,
Ніўку жаць потым хадзіла.

Жыта ляшыў ён у восень,
Або лучыну біў з сосен;
Шла яна бульбу капаці,
Ці лён часала у хаце.

Сані ён ладзіў зімою,
Ехаў ці йшоў ў лес з пілою;
Часам яна ў лес хадзіла
Ці на таку малаціла.