Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НАД РАКОЮ Ў СПАКОЮ

Над ракою ў спакою
Зацьвітала каліна;
У сяле за ракою
Вырастала дзяўчына.

Да зялёнай каліны
Прылятала зязюля;
Да дзяўчыны-маліны
Удаваўся Януля.

Над ракой, дзе каліна,
Сенажаць церабілі;
У сяле, дзе хлапчына,
У паход затрубілі.

Перастала каліна
У цьвяточкі ўбірацца;
Перастала дзяўчына
З ненаглядным страчацца,

Бедавала зязюля,
Што каліны ня стала;
Бедавала матуля,
Што дзяўчына ўсыхала.

Па рацэ гналі хвалі
Ў даль галіны каліны;
Людзі ў рэчцы шукалі
Самагубкі-дзяўчыны…

Над ракою ў спакою
Зацьвіла зноў каліна,
А ў зямельцы пад ёю
Спала наша дзяўчына.