Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЦІ ТЫ ЧУЕШ?..

Ці ты чуеш, дзяўчынка,
Як трасецца хацінка,
Як вятрыска скуголе,
Шум нясе нейкі з поля?

Ці, пачуўшы, пазнала,
Што ўсё гэта нагнала
Табе ў сэрца са сьвету,
Ці адчула ўсё гэта?..

Гэта восень заводзе,
Сьлёзы льле ў непагодзе
Над табой, нада мною,
Над няшчаснай зямлёю.

Ня пужайся-ж ты крыкаў
Непагоды вялікай…
Нас бог крыўдзіць з людзямі,
Восень плача над намі.