Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З ТАБОЮ…

З табою спаткаліся ў лесе:
Багун і чарнобель к нам слаўся:
Сьмяяўся пушчар, а у сьмесе
За ценем цень новы снаваўся.

За намі, прад намі снавалі
Павучныя, бледныя цені, —
Мяне у палац зазывалі,
Цябе — у сьвятыя прадсені.

Сьвятая пасьцель небасхілу
Крывавай імглой заплывала,
Пасад заручальны магілай
Пуціна сьляпая хавала.

Пуціна была, мы і тую
Згубілі, як лепей — ня зналі:
Ці маем шукаці старую,
Ці к новай блукаціся далей?