Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З НЕДАЦЬВЕТАЎ

Зелянелі лагі,
Зацьвіталі сады, —
З маладою сваёй
Я спаткаўся тады.

Вецер косы яе
Расплятаў, спавіваў,
Прыпадаў да грудзей,
Калыхаў, напяваў…

Абняліся мы з ёй,
Божым сном паплылі
Ў даль да сонца ўдваіх
Па зялёнай зямлі,

Па квяцістым пуці,
Паласой залатой,
Ў даль да сонца ўдваіх
За адно з яснатой…

Пад агністай зарой,
Над сівым курганом
Заручаліся з ёй
Туманом і агнём…

Аж нязьменная ноч
Наплыла, апляла,
Непраходнай сьцяной
Паміж намі лягла:

Маладую маю
Разлучылі са мной…
..........
Так расстаўся навек
Я з сваёю вясной.