Мой міленькі прышоў ка мне
Па захадзе ўжо сонца,
І ціха ў цёмнай цішыне
Пастукаўся ў аконца.
Заныла сэрцайка маё,
Як гэтае пачула;
Сваё зьняла я акрыцьцё
І на зямлю ступнула.
Ў кашулі вышла я на двор
Да любага з сьвятліцы,
А неба рдзела ўжо ад зор,
Шумеў лес над крыніцай,
Шлі ветры: пелі пра красу,
Хісталі стан, любыя,
І распляталі мне касу,
І ласкаталі шыю.
На прызьбе селі мы ўдваіх —
І моўчкі паглядалі,
Як цені з хат і пунь сівых
То ніклі, то ўставалі.
Мяне к сабе ён прыціскаў,
К грудзі туліўся белай,
Глядзеў у вочы, уздыхаў,
І штось шаптаў ясьмела.
Сьляза жывая за сьлязой
З маіх зраніц сплывала,
Ў адно мяшалася з расой,
Што на пяску ляжала.
А ночка пела з бліскам зор
Нам сьмелы гымн каханьня,
Сьмяяўся, плакаў сіні бор
Да самага сьвітаньня.
І мілы вышаў ад мяне,
Адзін пашоў к пагонцы,
А ўсьлед за ім у цішыне
Ўзыходзіла ўжо сонца…
|