Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПЕРАД НОЧКАЙ

Зьмеркла. Цёмнасьць агні пале
Ў зорак грамадзе:
Тайнасьць жудкая — гэт, здаля
Ў сьвет ідзе, ідзе.

Дагарэла ўжо лучынка,
Спачываці час!
„Добрай ночы“ сьпей, дзяўчынка,
Сьпей хоць раз, хоць раз!

Запей нотай, сэрцу блізкай
Аб долі маей,
Быццам маці над калыскай,
Ты запей, запей!

Пей пацехай, пей разгульна,
Душы ня скупі;
Мае думкі, жаль няўтульны
Ты прысьпі, прысьпі!

Сьпеўшы песьню, ўціхамоўку,
Бяз трывог ані —
На плячо мне зьвесь галоўку
І засьні, засьні!

Цемнатой нас ночка скрые
Ад злосьці людзкой;
Будзем сьніці залатыя
Сны з табой, з табой!..