Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АБНІМІ…

Абнімі ты мяне, маладая,
Абніманьнем гарачым, агністым,
Дый памчымся ад краю да краю
Вольнай думкай па сьвеце цярністым.

Ў дзень вясёлы мы сонцам пякучым
Заіскрымся ў нябесным прасторы,
З ветрам-сокалам душы заручым,
Ў пушчу-лес упляцём загаворы.

Ўночы сумнаю зоркаю глянем
На сады, на амшэлыя хаты;
Чары-сон навядзём заклінаньнем,
Вышлем росы брыльлянтныя ў сваты.

Узалоцімся ў сьветлыя сьлёзы,
Ў слёзы-іскры забраных загонаў;
Сьнегам-пухам зардзімся ў марозы,
Ўлетку кветкай зайграем чырвонай.

Адну песьню дзень, ночка хай грае
Нам, сіротам, на сьвеце цярністым…
Абнімі ты мяне, маладая,
Абніманьнем гарачым, агністым.