Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЯК У ЛЕСЕ ЗАЦЬВІТАЛІ…

Як у лесе зацьвіталі
Ліпы ды каліна, —
Залатыя сны снавалі
Мы з табой, дзяўчына.
Калыхаліся, шумелі
Вольныя бярозы,
Шапацелі, шалясьцелі
Трысьнягі ды лозы.

*

Як у жыце наліліся
Каласкі нагінна, —
Сустрэліся, абняліся
Мы з табой, дзяўчына,
Мігацелі, зіхацелі
У пракосах косы,
Заміралі кветкі, зельле,
Заміралі росы.

*

Як дасьпела, счырванела
Ягада-рабіна, —
Ўвокал глянулі нясьмела
Мы з табой, дзяўчына.
Верасы пад лісьцем спалі,
Бор зялёны гнуўся,
Недзе пелі ў цёмнай далі
Журавы ды гусі…