Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПЕСЬНЯ

Зашло ўжо сонейка, цень лёг на гонейка,
Ўецца туман сенажацяй,
Выйдзі, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
Ў садзік ка мне пагуляці.

Хвілямі шыбкімі ў цені пад ліпкамі
Час нам праходзіці будзе;
Бачыці будуць зоры і месяц,
Бачыць ня будуць нас людзі.

Казкамі дзіўнымі будуць галінамі
Ліпкі шумеці, дзівіцца,
Будзе прыветліва пець салавейка,
Буду — слугой, ты — царыцай.

Радасьцю, ўцехамі пад ліпак стрэхамі
Будзе нам доля ў ноч гэту,
Сэрцавы струны ўдарым каханьнем
На зайздрасьць цэламу сьвету.

Выйдзі-ж, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
Ў садзік ка мне пагуляці;
Ўжо зашло сонейка, цень лёг на гонейка,
Ўецца туман сенажацяй.