Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З АСЕНЬНІХ НАПЕВАЎ

1

Кончыцца лета гарачае,
Кончыцца воля—раздольле;
Кветкамі лог не харошыцца,
Збожжам ня хваліцца поле.

Косы ня сьвішчуць сталёвыя
Ў соннай траве сенажацяй,
Серп на вайну ня йдзе з коласам,
Песень, і тых ня чуваці.

Сонна адна-адзінокаю
Груша стаіць над мяжою, —
Лісьце скідае пажоўклае,
Сыпе асеньняй нудою.

Неба штодзень пахмурнейшае,
Сонца штодзень на ім меней,
Птушак заціхла чырыканьне,
Нейкае ўкруг зьнемажэньне.

Вецер заводзіць у коміне,
Быццам жыцьцё сваё ганіць;
Думы старыя, халодныя
Сэрца пужаюць, як зданьні.

Так і ўцякаў-бы ад гэтага
Там гэт! За горы, за рэкі,
Каб чалавек ды мог скрыціся
Ад сваёй долі навекі.

2

Сьцелюцца цэлы дзень росы,
Вечны цень сьпіць на зямлі,
Бледныя сонцавы косы
Выглянуць рэдка калі.