Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Здаля даносяцца шумы,
Ў коміне шумы пяюць;
Ціснуцца буднія думы,
Сноў забыцьця не даюць.

Нейкая зводная сіла
З выглядам вечна старым
Вабіць здалёку магілай,
Крыжам міргае сваім.

3

Змоўклі лісьцястыя шэлесты,
Гальлі худыя тырчаць,
Мёртвыя дзе-ні-дзе верасты
Зеленяй зводнай блішчаць.

Цягнуцца дрэвы расхутаны
К небу з балотных нізін, —
Корань, у жвіры заблутаны,
Не адпускае галін,

Рогат зьвярыны пакоціцца
Дзікім жаданьнем бяз слоў, —
Пушча замрэ, закалоціцца,
К воблакам цягнецца зноў.

4

З гальных ліп і бяроз
Лісты валяцца,
Між павалаў і лоз
Рассыпаюцца.

Шапацяць, шалясьцяць
Залацістыя,
Веткі ў неба глядзяць
Пусталістыя.

Дачакаўшы вясны,
Зноў ажыўляцца;
Не паўстануць лісты,
Што асыплюцца.