Не шасьцяць каласы,
Звон ня валіцца з касы,
Не кладуцца ў стог пласты,
Толькі сыплюцца лісты
На яловыя кусты,
На сухія верасы.
Ня іскрыцца небазор,
Ня цьвіце трава-чабор,
Ня цыгліць птушыны стан.
Толькі поўзае туман,
Вецер б‘е ў нямы курган, —
Шапаціць імглісты бор.
Змога вольная снуе,
Вочы ўставіўшы свае,
То галубне, то пужне.
Сэрца б‘ецца у паўсьне,
Думка сэрцу аб вясьне
Здрадны голас падае.
|