Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЖНІВО

Насьпелая постаць шчасьлівых пасеваў
За вёскай, на сонным лясоў рубяжы,
Сьсівелы ўжо колас схінула к мяжы
У сумным шаптаньні: „Дзе, жнеі мае, вы?“

І жнеі зышліся. Направа, налева,
Кладучы ў снапы каласы-старажы,
Зашасталі глуха сярпы, як нажы,
Пад жніўныя вечна старыя напевы.

Спагадная-нудная песьня плыве,
Губляючы ў пушчы свае пералівы,
У шэлестах белага коласу нівы.

Плыве гэта песьня ка мне і заве,
І ў сэрцы зьвініць, як каса у траве:
„Ты так-жа, брат, сееш… а дзе тваё жніва?“