Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЛЕТА

Эх ты, лета гарачае, бурнае!
Ажыўляеш ты поле і луг.
Люба, думкі пакінуўшы хмурныя,
На сьвет выйсьці ды глянуць вакруг.

Шум стаіць над лясістай дуброваю,
Быццам рада аб нечым ідзе;
Рэчка, ў прысадзь схаваўшысь альховую,
Бурліць; рыбка плюскоча ў вадзе.

Ў збожжа ўсякае ніва прыбралася —
Хараства там якога няма! —
Як зялёны дыван, распласталася;
Шопат нейкі плыве ад жытца.

Колас з коласам гутарку дзіўную
Завялі, бы на хмары злуюць;
Песьні жаваранкаў пераліўныя
Замаркоціцца, спаць не даюць.

А лагі, а гумнішчы, аселіцы?..
Вось абняў, прытуліўся, ляжы…
Хто з вас, хто ня любіці асьмеліцца
Ўлетку сьвет ад мяжы да мяжы?..

Дай-жа, лета, мне веру магучую,
Што калісь сваю долю знайду,
Дай мне песьні пець сілу жывучую,
Дай працівіцца крыўдзе і злу!