Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЛЕТНЯЯ РАСА

Як брыльлянты, расьсявае
Ночка летняя расіцу,
Туманамі спавівае
Луг зялёны над крыніцай.

А як раніца настане,
Бліскі сонца загуляюць, —
Рос прыходзіць адцьвітаньне,
Туманы у рэчцы таюць.

Як брыльлянты, гінуць росы
На зялёнай сенажаці;
Сонца косы, нашы косы
Не даюць паўдня ім знаці!