Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

СЬПЕКА

Прыскам пылае і жарам,
Жарам дрыжыць, зіхаціць,
Як-бы сьвет вечным пажарам
Хоча абняць і спаліць.

Звугліла высі—загоны,
Звугліла долы—лагі,
Завалакла лес зялёны
Ў чорныя дыму кругі.

Сьцежкі заслала агніцай
Белым пякучым пяском,
Выссала рэчкі-крыніцы,
Ў дно іх зірнула агнём.

Саванам бледна-замглёным
Сьвету душу спавіла,
Потам крывава-чырвоным
Вочы зямлі заліла.

Крык-жальба вырвецца з губаў
К сонцу з плакучых грудзей, —
Сонца зіяе загубай,
Сонца сьмяецца, як зьмей.