Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З ПЕСЕНЬ АБ ВЯСЬНЕ

І зелень, і кветкі, і песьні,
І неба вясёлая яснасьць…
Ні цьмы тэй, ні сьнегавай плесьні, —
Дзе глянеш, — адна, братка, шчаснасьць!

Сьвет цэлы зіяе каберцам,
Шум нейкі ад пушчаў нясецца,
З грудзей як ня выскача сэрца,
Душа кудысь рвецца… ўсё рвецца…

Прачнуліся нівы і хаты:
Ўся ў полі людзкая сямейка,
За сошкай шнуруе араты,
Ля статку іграе жалейка;

З сяўнёю сявец пахаджае,
На скібіны валіцца зерне;
Знаць, сіла ў сяўца немалая…
Захоча — і сьвет пераверне!

Гэй, гэй, хлебаробе мазольны,
Пан сошкі і коскі, і поля!
Кінь выгляд сьлязьлівы, нявольны;
Ў тваіх руках слава і доля!
1911 г.